ПСІХАЛО́ГІЯ КІРАВА́ННЯ,
галіна псіхалогіі, якая вывучае псіхал. заканамернасці кіраўніцкай дзейнасці, уласцівасці і якасці асобы, неабходныя для паспяховага ажыццяўлення гэтай дзейнасці. Развіваецца на стыку псіхалогіі працы, псіхалогіі сацыяльнай, педагагічнай псіхалогіі, інжынернай псіхалогіі, біялогіі і фізіялогіі. Узнікла на аснове школы «навуковага менеджменту» (засн. Ф.Тэйлар), якая вывучала кіраванне і арг-цыю вытв-сці без уліку псіхал. аспектаў прац. дзейнасці. П.к. даследуе праблемы аптымальнага размеркавання прафес. і сац. роляў у калектыве, згуртавання, узаемаадносін, лідэрства, асобы кіраўніка і механізмы прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў. Асн. кірункі П.к.: вывучэнне ролі камп’ютэрных тэхналогій у кіраўніцкай дзейнасці, аптымізацыя ролі «радавых» супрацоўнікаў у кіраванні, стварэнне універсальных форм і метадаў кіравання.
Літ.:
Генов Ф. Психология управления: Основные пробл.: Пер. с болг. М., 1982;
Шипунов В.Г., Кишкель Е.Н. Основы управленческой деятельности. М., 1996;
Кремень М.А., Манцевич Г.Ф. Инженерно-психологические аспекты управления производством. Мн., 1987;
Кремень М.А. Управление коллективом. Мн., 1997;
Яго ж. Пути эффективного руководства. Мн., 2000.
Л.А.Кандыбовіч.
т. 13, с. 103
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)